ОГП



Леў Марголін: Рост коштаў на бензін залежыць ад таго, наколькі ўлады баяцца пратэстаў

Оцените материал
(7 голосов)
Леў Марголін Леў Марголін

Але кошты на паліва павышаць будуць.

 

Сябра Экспертнага савету АГП, эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму ў Беларусі кошты на бензін у найбліжэйшы час абавязкова будуць павышацца.

Паводле словаў віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі, за студзень 2018 года нафтаперапрацоўчае прадпрыемства "Нафтан" атрымала страты памерам 25 мільёнаў даляраў, а Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод мае 12–13 мільёнаў даляраў стратаў.

Спецыялісты мяркуюць, што асноўная праблема гэтых прадпрыемстваў у тым, што ўнутры краіны – нізкія кошты на паліва, і прадпрыемствы вымушаныя прадаваць яго сабе ў страту.

Леў Марголін пракаментаваў сітуацыю ў інтэрв'ю «Радыё Рацыя»:

– Калі чыноўнікі агучваюць інфармацыю пра страты, то можна выказаць здагадку, што гэта ідзе падрыхтоўка людзей да чарговага павышэння коштаў. Для тых, хто трохі разбіраецца ў эканоміцы, зразумела, што тыя прадукты, якія з'яўляюцца падакцызнымі, не могуць быць самі сабой стратнымі.

Калі павышаюцца кошты на сыравіну або зніжаюцца кошты на гатовую прадукцыю на сусветным рынку, тады трэба адпаведна змяншаць акцызы. Бо акцызы паводле сваёй прыроды – гэта такі падатак, якім абкладаецца высокапрыбытковая прадукцыя.

Калі прадукцыя зноў стане прыбытковай, тады можна павышаць акцызы. Але вядома, што дзяржава не будзе зніжаць свае прыбыткі, таму зноў усё гэта адаб'ецца толькі на простым насельніцтве.

– На колькі могуць вырасці кошты на паліва?

– Калі гаворка ідзе пра шматмільённыя страты, то будуць падымаць кошты не на 1-2 капейкі, а нас чакае больш істотнае падаражэнне. Хоць складана спрагназаваць, на колькі адсоткаў падымуць кошты на паліва. На колькі захочуць – на столькі і падымуць.

І тут яшчэ пытанне ў тым, наколькі ўлады баяцца нейкіх новых пратэстаў з боку людзей. Калі яшчэ не забыліся, што было два гады таму, то павышэнне будзе павольным. У любым выпадку гэтую пастанову будзе прымаць палітычнае кіраўніцтва краіны.