A+ A A-


Чацвёра на адно крэсла. АГП распачала партыйныя тэледэбаты перад з'ездам (відэа)

Оцените материал
(16 голосов)

Унутрыпартыйныя тэледэбаты праводзяцца ўпершыню ў гісторыі Беларусі.

8 ліпеня ў Мінску пройдзе чарговы з'езд Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), на якім выберуць новага кіраўніка партыі. Хто з чатырох патэнцыйных кандыдатаў: Васіль ПалякоўАнатоль ЛябедзькаГанна КанапацкаяМікалай Казлоў - стане новым лідарам АГП?



Напярэдадні з'езду АГП распачала ўнутрыпартыйныя тэледэбаты з чатырох раўндаў. Тэмай першага чатырохбою стала ўнутрыпартыйная дыскусія "АГП сёння, АГП заўтра", якую прэтэндэнты абмеркавалі разам з вядоўцам тэлеканала "Белсат" Паўлам Мажэйкам.

 


Хто на крэсла старшыні АГП? Самапрэзентацыя

На пасаду старшыні партыі балатуюцца чатыры палітыкі. Кожны з іх зрабіў самапрэзентацыю.

Васіль Палякоў з'яўляецца намеснікам старшыні АГП. У партыю ўступіў прынцыпова напярэдадні рэферэндуму 1996 года, які характарызуе як наступленне "нечага змрочнага". З 2006 па 2012 год кіраваў Гомельскай абласной арганізацыяй АГП. Васіль Палякоў выступае за пераемнасць, хаця, на ягоную думку, і зараз існуе дзеяздольная каманда:

-Апошняя мясцовая кампанія паказала, што людзі чакаюць новых праграм і ідэй, - адзначыў палітык.

Анатоль Лябедзька нагадаў гісторыю стварэння партыі, якая з'явілася ў 1995 годзе ў выніку зліцця дзвюх зарэгістраваных партый: Аб'яднанай дэмакратычнай і Грамадзянскай.

-Мы ведаем шмат прыкладаў, калі дэмакратычныя арганізацыі раз'ядноўваліся і разыходзіліся. У беларускай палітыцы гэта адзіны выпадак - калі дзве зарэгістраваныя структуры аб'ядналіся. Нэта азначае, што мы можам кіраваць сваімі амбіцыямі, - падкрэсліў Анатоль Лябедзька.

Дзейны старшыня АГП распавёў пра "крэдытную гісторыю" партыі: Віктар Ганчар, Юрый Захаранка, Генадзь Карпенка, якія "былі скрадзеныя і забітыя"; былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, былы прэм'ер-міністр Міхаіл Чыгір, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі, Дабравольскі, Шлындзікаў, Паўлаў. "Я звярнуў увагу на людзей, бо менавіта людзі вызначаюць і ўчорашні дзень, і перспектыву", - падкрэсліў Лябедзька.

Ганна Канапацкая з'яўляецца сябрам Палітсавета АГП і дзейным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, і прадстаўляе, па ейных словах, інтарэсы не толькі АГП, але і правацэнтрысцкай кааліцыі. Уступіла ў партыю ў 1995 годзе, але актыўную дзейнасць пачала з парламенцкай кампаніі 2012 года. У 2016 годзе Ганна Канапацкая атрымала дэпутацкі мандат, хаця ні АГП, ні іншыя дэмакратычныя арганізацыі не прызналі выбары адкрытымі, дэмакратычнымі, праведзенымі па стандартах АБСЕ: 

-Сёння АГП патрэбная перазагрузка, новыя твары, таму ўсе свае сілы і намаганні прыкладу для таго, каб АГП заставалася самай буйнай, самай апазіцыйнай і самай дэмакратычнай партыяй.

Мікалай Казлоў, 50 гадоў, падпалкоўнік міліцыі, старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку. Палітычную кар'еру пачаў з выкрыцця фальсіфікацый з боку выбарчай камісіі, падняў праблему на ўзровень кіраўніцтва МУС. Але паколькі ўлады ніяк не зрэагавалі на злачынства, пакінуў ведамства. У 2012 годзе стаў сябрам АГП, узначальвае Мінскую гарадскую арганізацыю партыі, намеснік старшыні АГП.

-Тут я знаходжуся ў якасці прэтэндэнта на пасаду старшыні па адной простай прычыне:  я лічу сябе адказным за партыю.

 

"Трывога за партыю і адказнасць". Чаму партыйцы балатуюцца на старшыню

Відавочна, прыход да ўлады не з'яўляецца самамэтай. Дзеля чаго партыйцы балатуюцца на пасаду старшыні АГП?

-Я добра ведаю сітуацыю ў партыі, ведаю людзей, і мае высілкі будуць скіраваныя на тое, каб людзі не сыходзілі, а каманда толькі ўмацоўвалася, - кажа Васіль Палякоў.

Анатоль Лябедзька ўжо дзясяты раз балатуецца на пасаду старшыні АГП:

-Ключавым словам з'яўляецца адказнасць. Я прыйшоў у палітыку зусім маладым чалавекам, калі мне споўнілася 28 гадоў, і адразу - у вялікую палітыку: я быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 склікання. За гэты час я зразумеў, што палітыка ў Беларусі вельмі некамфортная дзейнасць: 18 гадоў на пасадзе старшыні партыі - усё роўна, што на перадавой. Для мяне самая галоўная матывацыя - адказнасць за АГП і яе будучыню.

А вось дэпутатка Ганна Канапацкая мяркуе, што старымі кадрамі новую партыю не пабудуеш:

-Я вельмі станоўча стаўлюся да Анатоля Лябедзькі, удзячная яму за працу на пасадзе старшыні партыі. Надышоў  час для новых людзей, новых ідэй. Сёння ў АГП існуе вялізная колькасць праблем, якія старое кіраўніцтва не ў стане вырашыць; неабходна новая эліта, новая каманда, трэба наладжваць гарызантальныя сувязі, - кажа Ганна Канапацкая.

Самае лаканічная матывацыя прагучала з вуснаў  Мікалая Казлола:

-Трывога за партыю (часы няпростыя, мы бачым, у якой краіне жывём). Я палічыў для сябе абавязковым вылучыцца на гэтую пасаду.

 

"Рэцэпт рашэння ўсіх праблем"

Які пазітыўны вопыт прэтэндэнтаў дапаможа рэалізаваць іхнія планы?

 -Неабходна пашырыць кола ўдзельнікаў прыняцця рашэнняў. Канешне, не заўсёды хапае хапае часу (не таму, што кіраўніцтва не хоча раіцца з сябрамі партыі), недзе не хапіла камунікацыяў, таму многія партыйцы лічаць, што рашэнні прымаюцца без іх удзелу. Калі будзем пашыраць удзел партыйцаў на стадыі прыняцця рашэнняў, то партыя будзе больш эфектыўна працаваць. Сённяшні ўзровень камунікацыяў дазваляе гэта рабіць: мы стварылі ў Фэйсбуку групу "АГП - падрыхтоўка да з'езду", дзе ўсе партыйцы могуць удзельнічаць у дыскусіі і абмеркаваннях. І гэты станоўчы вопыт мы будзем выкарыстоўваць надалей, - адзначыў Васіль Палякоў.

Дзейны старшыня АГП Анатоль Лябедзька пачуваецца ўпэўнена:

-Майго досведу хопіць на усіх чатырох прысутных. У мяне ёсць рэцэпт вырашэння праблем не толькі АГП, але ўсіх дэмакратычных арганізацый Беларусі. З аднаго боку, ён вельмі просты (ёсць тысячы праблем у краіне, у асобных людзей), але галоўная праблема - адсутнасць права выбару ў людзей. Сёння сем мільёнаў чалавек не маюць права выбару: ні прэзідэнта, ні дэпутата. Гэта параджае іншую праблему: калі няма здаровай палітычнай канкурэнцыі, то людзі і не прыходзяць у партыі. Навошта мне ісці ў палітычную арганізацыю, калі мяне не выберуць дэпутатам, калі я не змагу рэалізаваць свае палітычныя планы. Гэта найгалоўная праблема, дзеля вырашэння якой трэба ствараць кааліцыю не толькі ўнутры партый, але і ўсіх дэмакратычных арганізацый - вярнуць людзям права выбару.

-Сёння прыйшоў час перайсці ад харошых лозунгаў да канструктыўных прапаноў і ствараць кааліцыю, уцягваючы ў яе як мага болей людзей. Свабодныя сумленныя  выбары - вельмі важна, змяненне Выбарчага кодэкса - вельмі важна, але змяненне палітычнага працэсу, змяненне закона аб СМІ, закона аб масавых мерапрыемствах, якія ўплываюць на выбарчы працэс, мае не меншае значэнне. Велізарная праблема АГП - адсутнасць гарызантальных сувязяў унутры партыі. На жаль, сёння рэгіёны не маюць магчымасці ўплываць на рашэнні нацыянальнага ўзроўню. Я хачу аднавіць гэтыя сувязі і даць магчымасць кожнаму сябру АГП уплываць на сітуацыю як унутры партыі, так і ўнутры краіны, - адзначае дэпутатка Ганна Канапацкая.

-Я тры тэрміны аддаў  Мінскай гарадской арганізацыі: спачатку з'яўляўся намеснікам Ганны, пасля ад'езду якой ўсё легла на мяне.Скажу як кіраўнік Мінскай гарадской арганізацыі: самае важнае - не адсутнасць гарызантальных сувязяў, а ўмацаванне партыі як палітычнай сілы, прыцягванне новых прыхільнікаў, якія будуць раздзяляць нашыя каштоўнасці. Калі нас стане большасць, калі мы станем адзінадумцамі - тады нас чакае поспех, - перакананы Мікалай Казлоў.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.