ОГП



Лідэры апазіцыі правялі кансультацыі ў спецкамендатуры

Оцените материал
(3 голосов)

5 студзеня старшыня АГП Анатоль Лябедзька і прэс-сакратар партыі Ганна Красуліна наведалі вёску Куплін Пружанскага раёна, дзе адбывае «хімію» Павел Севярынец.

Па меркаванні Анатоля Лябедзькі, гэта былі не проста адведкі вязня, а хутчэй кансультацыі кіраўнікоў дзвюх палітычных структур.

“Мы сустрэліся з Паўлам у двары спецкамендатуры, калі ён пешшу вяртаўся з працы, – распавёў ucpb.org лідэр АГП. – Недзе з гадзіну-паўтары маршыравалі па дворыку ад брамы з аднаго боку да шлагбаума з другога. Размова пра жыццё, пра быт. Натуральна, закранулі пытанні вялікай палітыкі. Магу канстатаваць, што сёння ў АГП і БХД па пераважнай большасці пытанняў погляды ці аднолькавыя, ці вельмі блізкія. Таму можна сказаць, мы не проста адведалі Пашу Севярынца, які адбывае пакаранне, а правялі кансультацыі кіраўнікоў дзвюх палітычных структур.

Выглядае ён добра, аптымістычна глядзіць на сітуацыю і яе перспектывы. Павіншавалі яго са святамі. Ён паведаміў, што наша эксклюзіўная паштоўка да яго дайшла, гэтаксама як і лісты нашых рэгіянальных лідэраў. Падзякаваў. Сказаў, што сярод тых, хто з ім працуе таксама ёсць прыхільнікі нашай партыі. Так што ў цэлым мы задаволеныя паездкай і тым, што ўдалося сустрэцца з Паўлам без усякіх праблем. Вяртаемся з адчуваннем, што дзень пражыты недарма”.

Нагадаем, лідэр незарэгістраванай палітычнай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец асуджаны на тры гады «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года ў Мінску. Ён адбывае пакаранне ў спецкамендатуры №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

Фота Генадзя Верацінскага, АГП