ОГП

Switch to desktop Login



Малочка: Варта думаць і пра сапраўдныя патрэбы людзей!

Оцените материал
(4 голосов)

Актывіст АГП Віктар Малочка накіраваў запыт дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу  Я.Абаленскаму (дэпутат ад Салігорскай акругі), Т.Данілевіч (дэпутат ад Салігорскай сельскай акругі) і старшыні Салігорскага раённага Савета дэпутатаў Л.Клішэвіч. Гэткі ж ліст накіраваны ў мяцовую газету “Шахцёр”.

Віктар Малочка даводзіць дэпутатам надзенную неабходнасць будаўніцтва новай паліклінікі ў Салігорску, якая, дарэчы, значылася ў планах яшчэ 10 гадоў таму, а таксама прыводзіць факты марнатраўства мясцовых чыноўнікаў.  Надышоў час павярнуцца да вырашэння сапраўдных праблем гараджан, заклікае актывіст дэпутатаў.

Прыводзім тэкст ліста цалкам:

Звяртаюся да Вас ад сваяго імя і ад імя Мінскай абласной арганізаціі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі з наступнымі пытаннямі:

Вам, я спадзяюся, добра вядома, што ў Салігорску існуе вострая праблема чэргаў у цяперашняй паліклініцы, разлічанай на 600 наведванняў штодня, а фактычна іх адбываецца ў тры разы больш. Таксама лекары-спецыялісты ажыццяўляюць прыём жыхароў іншых раёнаў, дзе, як трэба разумець, становішча яшчэ горш. Чым далей адбываецца гэты працэс, тым больш гэта праблема абвастраецца, улічваючы пашырэнне межаў горада, прыток ў яго моладзі.

Яшчэ дзесяць гадоў назад было запланавана будаўніцтва другой паліклінікі і выдзелена месца пад яе будаўніцтва, але яно так і не пачалося.

Замест гэтага, у тым ліку і на  грошы грамадзян , “добраахвотна” імі здадзеныя, пабудавалі лядовы палац, зараз будуюць царкву, фермы і іншыя аб'екты, галоўным чынам гіпер-супер маркеты і ўсё на меркаванне чыноўнікаў.  Думкі жыхароў гораду  ніхто не ўлічвае. Дарэчы, на тым месцы, дзе павінна быць пабудавана паліклініка, пабудавалі дом для трэнераў і іншых спецыялістаў лядовага палаца. У дадзены момант з аднаго з адказаў з райвыканкама стала зразумела, што “ў генплане забудовы мікрараёна № 18 г. Салігорска прадугледжана пляма для будаўніцтва новай паліклінікі”, але калі адбудзецца забудова дадзенай “плямы” невядома.

Нам здаецца, што на фоне тых “грандыёзных” будоўляў у г. Салігорску і сродкаў, якія выдаткоўваюцца на іх, уладам трэба было б падумаць, што ўсё ж патрэбней людзям? А патрэбней  жыхарам гораду і раёну на сёння і на будучыню, будаванне ў г. Салігорску сучаснай паліклінікі, з найноўшым абсталяваннем (і асабліва дыягнастычным), з прыцягненнем сюды перспектыўных медыцынскіх кадраў.

На наш погляд вырашэнне гэтай задачы здыме многія праблемы, а менавіта:

1. Вырашыць праблемы чэргаў і жудасных нерваванняў (людзі займаюць чаргу пад паліклінікай з 5-6 гадзін раніцы).

2. Дапаможа вырашыць праблему своечасовай дыягностыкі захворванняў і асабліва анкалагічных (ні для каго не сакрэт, што ў Салігорску гэта вельмі актуальная праблема і нават існуе маршрутнае таксі Салігорск - Бараўляны).

3. Наведванне паліклінік стане спакайнейшым і камфортным, з нармальным абслугоўваннем наведнікаў.

Пералічваць дадзеныя праблемы можна і далей, але нам здаецца, што іх усё ж такі трэба вырашаць, а не пералічваць. Рашэнне будаўніцтва паліклінікі, трэба разумець, на сёння залежыць ад яе фінансавання.

Фінансаванне дадзенага праекта можа быць самае рознае. Гэта можа быць і рэспубліканскі бюджэт і грошы абласнога бюджэту і грошы ААТ “Беларуськалій”, могуць быць грошы бізнесоўцаў, якія прыходзяць у Салігорск і масава забудоўваюць яго рознымі аб'ектамі (узяць хоць бы ігральны бізнес) і спадзяюцца на казачныя прыбыткі. Што да выдаткоўвання грошай ААТ “Беларуськаліем”, то яму варта было б, хоць часткова адмовіцца ад субсідавання розных там “Дажынак”, “Базараў”, празмернага выдаткоўвання грошай на ўтрыманне футбольна-хакейных клубаў і г.д. ці хоць бы зрабіць даступнымі для грамадзянаў гэтыя выдаткі.

Каб закрыць пытанне па паліклініцы, хацеў бы працытаваць яшчэ адну фразу з адказу выканкама: “Распрацоўваецца і будзе ўкаранёная кампутарная праграма для замовы талонаў праз сетку Інтэрнэт на сайце УЗ “Салігорскае ЦРБ”, з дапамогай якой з'явіцца магчымасць замовіць талон на 6 месяцаў наперад”. Скажыце мне, хто з нас плануе свае хваробы на паўгода і колькі чалавек з тых, што замовілі талон на паўгода наперад, не дажывуць да прыёму? А грошы на праграму знайшліся!

І так мы вызначыліся, што будаванне паліклінікі патрэбна і ў самы найблізкі час. Адказ зараз за ўладамі і за Вамі, як за дэпутатам.

Другое пытанне, якое мы хацелі б падняць у звароце, гэта стан вуліцы Багамолава. Дадзенае пытанне ўздымалася  ўжо даўно, у прыватнасці на сайце Салігорск.org. Пісалася заява ў Салігорскі аддзел дзяржкантролю, але там нават не палічылі патрэбным правесці праверку выкладзеных фактаў.

Нагадаю, аб чым ідзе гаворка:

Некалькі гадоў назад была зроблена рэканструкцыя вуліцы, з выдаткам вялікіх матэрыяльных рэсурсаў. Пры рэканструкцыі вуліцы ўздоўж усёй яе даўжыні былі ўсталяваны з абодвух бакоў дэкаратыўныя металічныя агароджы і высаджаны дэкаратыўныя расліны –ТУІ.

На сённяшні дзень практычна ўсе ТУІ знішчаны. Пасля гэтага была зроблена паўторная высадка іншых дэкаратыўных кустоў, якіх на сёння няма ніводнага. Апроч гэтага, у лістападзе 2012 года быў зроблены частковы выбарачны дэмантаж дэкаратыўнай агароджы, што дае на сёння магчымасць, асабліва дзецям, пераходзіць дарогу па-за пешаходнымі пераходамі, і улічваючы інтэнсіўны аўтамабільны рух, ствараецца пагроза ДТЗ з іх удзелам.

Хацелася б праз  Вас звярнуцца да службовых асоб, праваахоўных органаў і атрымаць усё ж адказы:

1. Колькі, дзе і на якую суму былі закуплены дэкаратыўныя кусты на вуліцу Багамолава (просьба ўлічыць, што яны высаджваліся двойчы)? Па чыёй віне адбылося іх знішчэнне?

2. У сувязі з чым адбыўся дэмантаж металічных агароджаў, ці плануецца аднаўленне агароджы назад?

3. Чаму пры рэканструкцыі вуліцы не былі адразу пабудаваны прыпынкі грамадскага транспарту, а будаўніцтва іх адбылося пазней, з вылучэннем значных матэрыяльных рэсурсаў?

Хацелася б праз Вас атрымаць адказы на выказаныя пытанні, тым больш, што гэта будзе вельмі актуальна ў год, які абвешчаны “Годам беражлівасці”, а што да будаўніцтва паліклінікі, то будзем спадзявацца на Вашае сур’ёзнае стаўленне да гэтай праблемы.