A+ A A-


Мікалай Казлоў: «Людзі пазнаюць мяне, ціснуць руку, падтрымліваюць…»

Оцените материал
(17 голосов)

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў, які неаднаразова прад’яўляў факты фальсіфікацый падчас выбарчых кампаній у Беларусі, сёлета вырашыў сам паўдзельнічаць у мясцовых выбарах і ўключыўся у барацьбу за месца ў Мінскім гарсавеце.

 


На фота: Мікалай Казлоў. Акцыя пратэсту за адмену Дэкрэта № 3 у Бабруйску. Сакавік 2017 года


Казлоў ужо зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу і пачаў збор подпісаў за вылучэнне сваёй кандыдатуры кандыдатам у дэпутаты па Старавіленскай выбарчай акрузе №41.

Трэба адзначыць, што гэта не першая спроба палітыка стаць дэпутатам. Летась Мікалай Казлоў нацэльваўся трапіць у Палату прадстаўнікоў. З другой спробы акруговая выбарчая камісія зарэгістравала яго ініцыятыўную групу, паплечнікі Казлова сабралі неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты 1000 подпісаў. Аднак выбаркам усё роўна паставіў перад палітыкам шлагбаўм. У ягонай дэкларацыі аб даходах знайшлі памылку і кандыдатам не зарэгістравалі. У Палату прадстаўнікоў трапіла канкурэнтка Мікалая Казлова па выбарчай акрузе спявачка Ірына Дарафеева.

– Мікалай Георгіевіч, ці ўлічылі вы памылкі мінулагодняй кампаніі, калі, па сутнасці, з-за недарэчнасці выбылі з барацьбы за дэпутацкі мандат?

– З пункту гледжання права мне адмовілі ў рэгістрацыі незаконна. Тэхнічная памылка, дапушчаная ў запаўненні дэкларацыі, – нікчэмная і ў прававой дзяржаве не магла стаць прычынай адмовы ў рэгістрацыі. Думаю, гэта разумела і суддзя, якая разглядала маю іскавую заяву і пакінула рашэнне выбарчай камісіі ў сіле.

Канешне, цяпер я буду больш акуратны ва ўсім. Але ж цяжка ўлічваць і ацэньваць схільнасць да прыдзірлівасці членаў камісіі, ад іх можна чакаць чаго заўгодна. Напрыклад, калі ў мінулую кампанію мы збіралі подпісы і арганізавалі пікет каля МУС, да нас тут жа прыбег член выбаркама і крокамі пачаў вымяраць адлегласць ад пікету да будынка МУС. Ён заявіў, што на адзін крок мы наблізіліся да будынка бліжэй, чым дазваляюць правілы. І на гэтай падставе мне зрабілі заўвагу.

– Думаеце, і зараз да вашай персоны будзе такая ж пільная ўвага?

– Упэўнены! Я на баку сумленных людзей, а значыць, не з тымі, хто праводзіць выбары з парушэннямі законаў. Акруговая камісія Цэнтральнага раёна Мінска на мясцовых выбарах будзе працаваць практычна ў тым жа складзе, што і на мінулагодніх парламенцкіх. З 13 яе сябраў 10 ранейшых, старшыня камісіі і намеснік толькі памяняліся месцамі. Мяне яны ўсе добра ведаюць.

Я ж у мінулым опер па асабліва важных справах крымінальнага вышуку, таму прафесійна магу сказаць усім гэтым спрытным, як ім здаецца, ашуканцам ад улады: «Не думайце, што ўсё гэтае беззаконне сыдзе вам з рук. Фальсіфікацыя выбараў – крымінальнае злачынства. Калі вы пазбеглі адказнасці сёння, то гэта толькі адкладзены тэрмін. Не сумнявайцеся! А пакуль не забудзьцеся расказаць усім сваім сваякам, знаёмым, суседзям, што нізкімі заробкамі, бясконцымі паборамі, галечай і бяспраўем яны абавязаны менавіта вам. Бо гэта вы, не лічачыся з меркаваннем людзей, усе гэтыя гады забяспечвалі прызначэнне многіх псеўдадэпутатаў. Вам і адказваць!»

– Будзеце дамагацца, каб у склад участковых камісій увайшлі вашы прадстаўнікі?

–  Вядома ж. Зараз Аб’яднаная грамадзянская партыя фарміруе спісы валанцёраў – людзей, гатовых працаваць ва ўчастковых камісіях. Акрамя таго, мы супрацоўнічаем з ініцыятывай «Права выбару». Буду вельмі старацца, каб на маіх участках – і ў камісіях, і сярод назіральнікаў – было як мага больш прынцыповых людзей.

– Мікалай, вы пачалі ўжо збор подпісаў за сваё вылучэнне. Як народ рэагуе на вас? Подпісы ставяць ахвотна?

– Галоўная праблема пры зборы подпісаў – гэта сумніўны вынік шматгадовай карпатлівай працы калектыву пад кіраўніцтвам Лідзіі Ярмошынай. Дзякуючы ім, выбарчыя кампаніі ў Беларусі ператварыліся ў імітацыю, фарс. Таму вялікая колькасць выбаршчыкаў не проста з недаверам – з агідай ставіцца да ўсіх гэтых выбарчых камісій, справядліва ўвязваючы наша складанае жыццё з іх працай. Вельмі шкада, што ні Ярмошына, ні ўсе гэтыя нязменныя сябры выбаркамаў не чуюць, у якой форме адгукаюцца пра іх выбаршчыкі.

Тым не менш за мяне людзі ставяць подпісы ахвотна. Многія пазнаюць мяне па леташняй парламенцкай кампаніі, па публікацыях у «Народнай Волі», па маіх выступленнях у іншых незалежных СМІ. Людзі разумеюць, што я на іх баку, на баку сумленных людзей. Многія ціснуць руку, падтрымліваюць, кажуць, што прыйдуць і прагаласуюць за мяне.

– На вашу думку, людзі ўсё ж такі пойдуць на мясцовыя выбары? Некаторыя вашы калегі кажуць, што большасць пакуль наогул не ведае, што 18 лютага выбары ў мясцовыя Саветы...

–  У ідэале, вядома ж, добра, калі прыходзяць людзі і галасуюць за тых, каму давяраюць. А калі такіх кандыдатаў няма, то нейкімі знакамі ў бюлетэнях выбаршчыкі заяўляюць пра сваю пазіцыю. Нават у нашых умовах татальных фальсіфікацый такое пазначэнне пазіцыі мае значэнне. Важна паказаць у нейкім сэнсе сваё актыўнае, прынцыповае стаўленне да таго, што творыцца ў краіне, хаця б з пункту гледжання захавання ўласнай годнасці.

– Скажыце шчыра: навошта вы імкняцеся ў дэпутаты Мінскага гарадскога Савета? Зарплаты не будзе, палітычнай папулярнасці, прэстыжу таксама наўрад ці дадасца…

–  Для кагосьці, можа, гэта нічога не значыць, а для мяне – пытанне прынцыповае. Я лічу, што дэпутат гарсавета шмат што можа зрабіць.

Напрыклад, мы не ведаем, як у нас размяркоўваецца гарадскі бюджэт. Цяпер узняўся шум вакол будаўніцтва новай спецбальніцы для чыноўнікаў. Лукашэнка назваў нейкія лічбы, але ніхто не бачыў афіцыйных дакументаў, якія сведчылі б пра тое, колькі канкрэтна грошай з казны Мінска пайшло на гэтую будоўлю. Мала таго, што чыноўнікі сваімі непрадуманымі рашэннямі пагаршаюць наш узровень жыцця, дык яны яшчэ маюць прывілеі – спецбальніцу, элітнае жыллё. Прычым гэткае выхаванне ў вертыкалі адчування ўласнай выключнасці адбываецца на фоне наплявацельскага стаўлення да народа.

У раёне, дзе я збіраюся балатавацца, праводзяцца капрамонты. Раён стары, тут шмат хрушчовак. Але капрамонты вядуцца фармальна, няякасна, неакуратна, без захавання тэхналогій і больш нагадваюць разбурэнне, чым абнаўленне. Даходзіць да таго, што людзі, чые дамы ў спісе на капрамонт, збіраюць подпісы, каб адмовіцца ад яго. І калі я чую заявы, што, маўляў, у дзяржавы не хапае грошай на больш якасны капрамонт, я думаю: але ж грошы  на спецбальніцы, на рэзідэнцыі, хакейныя турніры, розныя прыёмы Лукашэнкі знайшліся. А гэта агулам сотні і сотні мільёнаў долараў! Калі дзяржава ўзяла на сябе абавязацельствы правесці капрамонт жылога сектара, забяспечыць людзей працай і годнымі заробкамі, хай яна гэта сумленна выконвае! А калі не можа, значыць, трэба мяняць сістэму.


Марыя Эйсмант,
«Народная Воля»

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.