ОГП



Важна, каб людзі сказалі: «Мы за перамены!» (відэа, фотарэпартаж)

Оцените материал
(21 голосов)

18 жніўня актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі раздалі на прахадной МАЗа нумары «Народнай Волі» з праграмай «Мільён новых рабочых месцаў».

У акцыі ўзялі удзел кандыдат у дэпутаты па Васняцоўскай выбарчай акрузе №93 Дзяніс Ціханенка, а таксама давераныя асобы – лідэры АГП, у тым ліку старшыня партыі Анатоль Лябедзька.

За пятнаццаць хвілін разышліся з паўтысячы нумароў выдання.

«Відавочна, што адносіны людзей мяняюцца, – паведаміў сайту ucpb.org удзельнік акцыі, намеснік старшыні АГП Мікалай Казлоў. – Працоўныя хочуць перамен і бачаць усю бесперспектыўнасць той эканамічнай і палітычнай мадэлі, якая існуе. Таму бралі газеты з ахвотай. Некаторыя прасілі нават дзве – для сябе і знаёмых. Адносіны пазітыўныя пры тым, што мы папярэджвалі, што выданне адрасаванае прыхільнікам перамен».

Як зазвычай за акцыяй сачылі супрацоўнікі МУС і здымалі яе на відэа. Але гэта не паўплывала на цікавасць працоўных да праграмы «Мільён новых рабочых месцаў».

«Для нас выбарчая кампанія – гэта мажлівасць камунікацый, – адзначыў у каментары Белапан Анатоль Лябедзька. – Апошнія ці перадапошнія штрафы я і мае калегі атрымалі менавіта за выхад з інфармацыйнай прадукцыяй да прахадной МАЗа. У адносінах да нас былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы, і суд выпісаў штрафы. Выбарчая кампанія зноў дае нам магчымасць прыйсці сюды, але не атрымаць штрафы, чым мы і карыстаемся па ўсёй Беларусі. Гэтым разам мы прыйшлі з асобнікам «Народнай Волі», у якой надрукаваная наша праграма структурных рэформ, і для нас самае важкае, каб людзі сказалі: «Мы за перамены! Мы за праграму «Мільен новых рабочых месцаў». Сёння я невыпадкова гавару, што па аднаму асобніку ў рукі і толькі для тых, хто за змену ўлады. І людзі, усміхаючыся, яшчэ больш актыўна бяруць. Гэта азначае, што перамены ў Беларусі рэальна саспелі». 


Фотарэпартаж 
Генадзя Верацінскага