A+ A A-


Прэтэндэнты выходзяць на фінішную прамую

Оцените материал
(15 голосов)

8 ліпеня адбудзецца справаздачна-выбарны з'езд АГП, на якім партыйцы абяруць новага лідэра

Канчатковая колькасць прэтэндэнтаў на пасаду старшыні стане вядомая ў дзень з'езду – магчымасць самавылучацца кандыдатам ці быць вылучаным застаецца адкрытай. А сёння аб сваім цвёрдым намеры заяўляюць трое. Гэта дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, намеснікі старшыні АГП Васіль Палякоў і Мікалай Казлоў.

У бліц-інтэрв'ю сайту ucpb.org кожны з іх распавёў пра свае прыярытэты і праграму дзеянняў у выпадку абрання.

Васіль Полякоў:

– Я бачу тры галоўныя накірункі. Першы накірунак – гэта партыйнае будаўніцтва. Тут самае галоўнае захаваць тое лепшае, што мы маем на сённяшні дзень. Тыя напрацоўкі, якія былі зробленыя за апошнія 20 гадоў. Таксама не будзе ніякай рэвізіі партыйных каштоўнасцей, не  будзе перагляду апазіцыйнага статусу партыі. Праца будзе весціся па некалькіх напрамках. Першы – моладзевая палітыка. Гэта ўмацаванне структур «Маладых дэмакратаў». Другі – Сеньёрская арганізацыя – праца з нашымі партыйцамі, якія ўжо даволі доўга з’яўляюцца сябрамі АГП. І трэці напрамак – гендэрнае партнёрства.

Другі накірунак працы –  гэта падрыхтоўка да выбарчых кампаній. Тут самае галоўнае –  не паддацца на гульні ўладаў, таму што яны будуць імкнуцца прыцягнуць увагу да другасных рэчаў. Мы павінны працаваць на прэзідэнцкую кампанію і галоўную ўвагу надзяляць менавіта прэзідэнцкай кампаніі. Таксама важна (і ў гэтым напрамку будзем працаваць), каб быў вылучаны ад апазіцыі ці хаця б ад правацэнтрысцкай кааліцыі адзіны кандыдат. І для гэтага была выкарыстана працэдура адкрытых праймерыз, і ўсе зацікаўленыя ўдзельнікі працэсу маглі ў гэтым прымаць удзел.

І трэці накірунак праграмы дзеянняў – эканамічная рэформа. У нас даволі добрыя напрацоўкі, але яны патрабуюць пэўнай дэталізацыі. Для гэтага неабходна ствараць каманду з прафесіяналаў, эканамістаў, задзейнічаць патэнцыял грамадства, навуковай супольнасці. Таму што перамены будуць хутка, і да гэтых пераменаў трэба рыхтавацца.

– Каго вы бачыце ў камандзе бліжэйшых паплечнікаў?

– На сённяшні дзень ёсць дамоўленасць з Мікалаем Казловым. Таксама пры маім абранні Ніна Даўгучыц пагадзілася быць намесніцай і займацца працай з рэгіянальнымі арганізацыямі.

 

Ганна Канапацкая:

– Самае галоўнае – гэта змяніць праграму партыі, адаптаваць яе пад сённяшнія рэаліі і прытрымлівацца таго, што, па-першае, у Беларусь неабходна вярнуць выбары ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ. Гэта павінна быць прыярытэтам. Але мы не павінны забываць і пра тое, што людзям важна разумець, чаму ім неабходны выбары. Мы павінны апусціцца на ўзровень простага чалавека і лагічна тлумачыць яму, як ад выбараў залежыць яго зарплата, цэны ў крамах, узровень яго жыцця. Па-другое, партыя павінна стаць больш адкрытай, больш транспарэнтнай. Людзі хочуць бачыць справаздачы аб дзейнасці партыі, у тым ліку і фінансавай. Таму я прапаную не вельмі папулярную, але такую меру, як увядзенне членскіх узносаў, каб людзі разумелі, за кошт чаго і як жыве партыя.

Імёны асобаў сваёй каманды Ганна Канопацкая пакуль не называе, адзначаючы, што каманда кіраўнікоў «павінна быць абноўленай, маладой і амбіцыйнай».

 

Мікалай Казлоў:

– Самае важнае для Аб'яднанай грамадзянскай партыі – гэта працаздольная прафесійная каманда. Партыя павінна ўплываць на палітычнае жыццё Беларусі. Думаю, нам гэта па сілах, і галоўная задача – гэта партыйнае будаўніцтва, гэта новыя сябры партыі, гэта ўзмацненне актыўнасці. У нас наперадзе электаральныя кампаніі. Гэта выбары ў парламент, выбары прэзідэнта, магчымы рэферэндум. Да іх трэба падысці падрыхтаванымі, згуртаванымі, нацэленымі на поспех. Гэта асноўныя задачы на бліжэйшыя два гады. І ўся праца партыі, уся праца кіраўніка павінна засяродзіцца на тым, каб да гэтых кампаній мы былі ў найлепшай форме.

– Якой вы бачыце каманду, якая змагла б выканаць гэтыя задачы?

– Асноўны ўпор я зрабіў бы на той касцяк партыі, які ў нас ёсць, якім мы заслужана ганарымся. Гэта інтэлектуальныя кадры, людзі з гісторыяй, заснавальнікі партыі і тыя людзі, якія ўваходзяць у Нацыянальны камітэт, Палітраду. Гэта каманда згуртаваная, каманда аднадумцаў. Натуральна, неабходна і моладзь, новыя асобы, новыя ідэі, новая энергія.


Фотаздымкі Генадзя Верацінскага 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.