A+ A A-


Суд нагадаў пра «выбары» штрафам у 45 базавых

Оцените материал
(12 голосов)

23 снежня ў судзе Аршанскага раёна і горада Оршы судзілі экс-кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, актывіста АГП з Дуброўна Міхаіла Чамураку.


Яму было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 23.4 КаАП РБ – непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы, якое ён нібыта здзейсніў у дзень выбараў – 17 лістапада.

Нагадаем, 17 лістапада падчас падліку галасоў старшыня выбарчай камісіі запатрабавала выдаліць з участку кандыдата ў дэпутаты Міхаіла Чамуракубяздоказна абвінаваціўшы ў тым, што ён нібыта ўсё здымае на камеру мабільнага, чым перашкаджае працы камісіі. Ён адказаў, што такое патрабаванне павінна быць аформленае ў адпаведнасці з прадугледжаным законам парадкам. Аднак старшыня выклікала міліцыю, якая на падставе яе вуснай заявы паспрабавала дзейнічаць. Урэшце старшыня мусіла выканаць законнае патрабаванне кандыдата – склала патрэбны акт, і Міхаіл добраахвотна пакінуў памяшканне, пасля чаго быў дастаўлены ў міліцэйскі пастарунак, дзе на яго склалі пратакол.

Паколькі абвінавачанне выглядала надта сумнеўным, суд адклалі. Затым справу перадалі ў Віцебскі абласны суд. Адтуль яе скіравалі ў суд Аршанскага раёна і горада Оршы. Але і там, па меркаванні суддзі, аргументаў старшыні выбаркама і міліцыі было недастаткова для абвінавачання па арт. 23.4 КаАП РБ. Справу адправілі на дапрацоўку начальніку Дубровенскага РАУС.

Пасля ўсіх паправак і падгонак нарэшце знайшоўся і суддзя Мікалай Драгуноў, які пагадзіўся на такую працу.

Весці здымкі на слуханні забаранілі. Паводле прысутных, суддзя ад пачатку прыняў бок старшыні выбаркаму і міліцыі, а ўсе аргументы сведак з боку абвінавачанага не ўзяў пад ўвагу. Таксама былі адвергнутыя хадайніцтвы аб далучэнні да справы скаргі на незаконныя дзеянні міліцыі, скіраванай ва УУБ, і аўдыёзапісу, які сведчыць, што ў дзеяннях Міхаіла не было парушэнняў.

«Ён выслухоўваў толькі адзін бок і кожны раз адмаўляў там, дзе былі доказы маёй невінаватасці, – распавёў сайту ucpb.org Міхаіл. – Нават не паказаў тую частку прадстаўленага відэа, дзе бачна, што пасля складання акта аб выдаленні я падняўся і добраахвотна выйшаў».

У выніку суд прызнаў Міхаіла вінаватым і аштрафаваў на 45 базавых велічынь.

«Суда ў нас няма, а ёсць мэтанакіраваны спосаб пакарання, – так адрэагаваў на гэтае рашэнне Міхаіл. – Калі б яны хацелі, то разабраліся б, а тут нават спробы разабрацца не было».

Экс-кандыдат лічыць такое рашэнне знявагай закона і мае намер падаць ў вышэйшую інстанцыю скаргу на суддзю, а таксама аспрэчыць незаконнае рашэнне суда.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.