A+ A A-


Васіль Палякоў абраны новым старшынёй АГП

Оцените материал
(12 голосов)

8 ліпеня ў Менску адбыўся XVIII з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У выніку тайнага галасавання новым старшынёй партыі абраны Васіль Палякоў. Яго намеснікамі абраныя Мікалай Казлоў, Ніна Даўгучыц і Аляксей Кірыенка.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька ў пачатку сваёй справаздачы заявіў, што прыняў рашэнне сысці з пасады старшыні партыі:

«Гэта першы з'езд, да якога я не пісаў тэзісы. Учора я глядзеў футбол. Сёння я кажу не «бывайце», а кажу «да пабачэння». Гэта рашэнне прыйшло не сёння. Я яго прыняў. У мяне запаснога аэрадрому няма, але ёсць ідэі».

Ён адзначыў, што партыя выйграла тры стратэгічныя бітвы:

«Першая – гэта Беларусь. Першыя суткі я атрымаў за тое, што выйшаў з плакатам «Жыве Беларусь!» Сёння слова незалежная Беларусь паўсюль. Другое – рынкавая эканоміка. Калі прааналізаваць апошнія дэкрэты, гэта частка нашай праграмы «Мільён новых працоўных месцаў». Трэцяя наша перамога – дыверсіфікацыя знешнеэканамічнай дзейнасці. Раней наша эканоміка была завязаная толькі на Расію, а цяпер на ўвесь свет. То бок нашы ідэі былі правільныя, жыццяздольныя».

Анатоль Лябедзька падзякаваў усёй сваёй камандзе за адданую працу. Скончыў свой кароткі выступ ён словамі «Жыве Беларусь!».

На пасаду старшыні АГП прэтэндавалі чатыры кандыдаты.

Падчас з’езду АГП 6 дэлегатаў вылучылі Анатоля Лябедзьку на пасаду старшыні партыі, нягледзячы на яго ранішнюю заяву не балатавацца. Многія з месцаў таксама ўгаворвалі яго застацца. У выніку Анатоль Лябедзька сваё рашэнне не змяніў.

Усяго на пасаду старшыні дэлегаты вылучылі сем кандыдатур: Васіля Палякова, Мікалая Казлова, Анатоля Лябедзьку, Генадзя Ананьева, Людмілу Гразнову, Аляксандра Дабравольскага, Анатоля Паўлава.

Лябедзька, Ананьеў, Дабравольскі і Паўлаў узялі самаадвод.

Максім Жарноўскі з Горак вылучыў сябе сам.

У выніку ў бюлетэнях засталіся чатыры чалавекі: Палякоў, Казлоў, Гразнова, Жарноўскі.

Пасля падліку галасоў высвятлілася, што большасць атрымаў Васіль Палякоў. За яго аддалі галасы 72 дэлегаты. Усяго ў з’ездзе бралі ўдзел 104 дэлегаты.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.