ОГП



Горадзенскія ўлады дазволілі канцэрт-мітынг да Дня Волі

Оцените материал
(7 голосов)

Горадзенскі гарвыканкам ухваліў заяўку на сьвяточны канцэрт-мітынг 25 сакавіка ў Калоскім парку Горадні.


Пра гэта распавёў Радыё Свабода адзін з арганізатараў мерапрыемства Вадзім Саранчукоў.

Збор удзельнікаў прызначаны на 13 гадзіну ў Калоскім парку Горадні. Канцэрт-мітынг пачнецца а 14 гадзіне і працягнецца да 17 гадзіны. Падчас канцэрту ў Калоскім парку будзе працаваць фудкорт і сувэнірны кірмаш. Улады дазволілі прыносіць бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».

«У дазволе прапісана любая зарэгістраваная ў Беларусі сымболіка, а таксама любая сымболіка, якая мае дачыненьне да тэмы мерапрыемства, то бок сымболіка БНР, бел-чырвона-белы сьцяг, герб „Пагоня“», — сказаў кіраўнік Горадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Канчатковы сьпіс музыкаў, якія будуць выступаць на канцэрце, яшчэ ня вызначаны. Паводле Саранчукова, дадаткова ўзгадняць сьпіс беларускіх музыкаў з уладамі ня трэба, для замежных музыкаў трэба будзе атрымаць канцэртны дазвол.

Арганізатары канцэрту плянавалі зрабіць хэдлайнэрам гурт N.R.M. зь Пітам Паўлавым. Музыкі ня маюць заплянаваных выступаў на 25 сакавіка і папярэдне пагадзіліся прыехаць на канцэрт у Горадню. Хто дакладна выступіць на канцэрце 25 сакавіка ў Горадні, арганізатары абяцаюць паведаміць у найбліжэйшы час.

«Размова зь імі вялася, але сказаць, што N.R.M. у нас у сьпісе, я не магу», — сказаў Саранчукоў.

Сьвяткаваньне 100 год БНР у Горадні пачнецца 23 сакавіка — арганізатары хочуць правесьці літаратурную вечарыну. На 24 сакавіка Горадзенскі аргкамітэт Дня Волі заплянаваў беларускую дыктоўку.

2 сакавіка гарадзкія ўлады далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by ужо сабралі больш за 80% неабходнай сумы, таксама сродкі зьбіраюць іншымі шляхамі. Арганізатары шукаюць спонсараў сярод камэрцыйных кампаній.

Заяўкі на правядзеньне канцэртаў да стагодзьдзя БНР падалі ў Берасьці і Гомлі. Адказаў ад гарадзкіх уладаў арганізатары канцэртаў чакаюць найбліжэйшымі днямі. У Баранавічах, Віцебску і Магілёве сябры руху «За свабоду» падалі заяўкі на мітынгі 25 сакавіка.