A+ A A-


«Памятайце, што мы – адзіны народ». Апазіцыя звярнулася да сілавікоў

Оцените материал
(12 голосов)

Аргкамітэт усебеларускай кампаніі «Абаронім незалежнасць!» заклікае супрацоўнікаў міліцыі, войска і спецслужбаў Беларусі не ўжываць гвалт у дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй.


Зварот накіраваны ў МУС, Мінабароны і КДБ.

 


Тэкст дакумента.

 

Зварот да супрацоўнікаў міліцыі, войска і спецыяльных службаў Беларусі
аб абароне незалежнасці Рэспублікі Беларусь

 

Паважаныя афіцэры, старшыны, сяржанты, шараговыя супрацоўнікі!

Вы прымалі прысягу на вернасць народу Беларусі і кляліся абараняць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Рэспублікі Беларусь.

Мы верым, што для вас гэта былі не пустыя словы, таму звяртаемся да вас, каб клятва была вамі выканана. Мы звяртаемся за тым, каб вы не заплямілі свае службовы гонар ды грамадзянскую годнасць ілжэсведчаннем, фальсіфікацыямі і іншымі рэпрэсіўнымі, злачыннымі дзеяннямі.

За некалькі стагоддзяў знаходжання пад прыгнётам Расейскай Імперыі і Савецкага Саюза сотні тысяч лепшых сыноў Беларусі сталі ахвярамі знешнепалітычных амбіцый Крамля.

І цяпер за нашымі спінамі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка вядуць перамовы пра “паглыбленую інтэграцыю”, якая можа скончыцца паглынаннем беларускай дзяржавы Расійскай Федэрацыяй.

Анэксія беларускай дзяржавы азначае, што беларускіх сілавікоў Крэмль часткова звольніць, прымусіць змагацца з беларускімі патрыётамі, іншых супрацоўнікаў накіруе служыць у Сібір, на Далёкі Усход, а таксама гінуць, “знікаць” за імперскія інтарэсы РФ на Данбасе, у Сірыі ды іншых рэгіёнах свету. Ці ўзрадуюцца вашыя родныя перспектыве такога працягу вашай службы, альбо калі пра вас спыняцца звесткі, ці прыйдзе цынкавая труна з далёкіх куткоў планеты?!

7 і 8 снежня 2019 г. у Мінску грамадзяне Беларусі выйшлі на вуліцы, каб выканаць сваё канстытуцыйнае права на пратэст супраць страты дзяржаўнай незалежнасці. Але цяпер многія ўдзельнікі гэтых мірных масавых пратэстаў атрымліваюць позвы ў суды.

20 снежня, у дзень чарговых перамоваў Пуціна і Лукашэнкі, у 18.00 на Кастрычніцкай Плошчы ў Мінску (Плошчы Каліноўскага) прызначана новая мірная акцыя пратэсту.

Тыя, хто зноў выйдзе на плошчы гарадоў Беларусі, вам не ворагі, яны вашы блізкія: вашы браты, сёстры, сябры, сваякі. Незалежнасць – гэта самае важнае, што ёсць ва ўсіх і кожнага з беларусаў. Памятайце, што мы – адзіны народ, іншай Радзімы, акрамя Беларусі, у нас няма!

Мы заклікаем вас не выконваць злачынных загадаў: не разганяць мірных грамадзян, не затрымліваць іх, не ўдзельнічаць у правакацыях супраць маніфестантаў, не перашкаджаць сваім суайчыннікам рэалізоўваць свае канстытуцыйныя правы.

Памятайце: праўда пра выкананне злачынных загадаў рана ці позна ўсё роўна стане вядомая, а вінаватыя супрацоўнікі панясуць адказнасць.

Мы верым, што беларускі народ, яго войска, міліцыя ды іншыя службы здолеюць абараніць суверэнітэт і дэмакратыю Рэспублікі Беларусь ад любой небяспекі.

Жыве незалежная Беларусь!


 г. Мінск. 18 снежня 2019 года

 

Ад імя Аргкамітэту ўсебеларускай кампаніі “Абаронім незалежнасць!”

 

Мікалай Казлоў, падпалкоўнік міліцыі ў запасе, старшыня АГП
Павел Севярынец, сустаршыня БХД
Рыгор Кастусёў, старшыня БНФ
Алесь Арэстовіч, першы намеснік старшыні БСДП Народная Грамада
Аляксей Сігаеў, першы намеснік старшыні БСДПГ
Ігар Рынкевіч, каардынатар Беларускага камітэта салідарнасці з Украінай
Сяргей Папкоў, дэпутат ВС РБ 12 склікання, намеснік старшыні КХП-БНФ
Наталля Гарачка, кіраўнік грамадскай ініцыятывы «Маці вайсковых»
і інш.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.