A+ A A-


Рэзалюцыя «Чарнобыльскага шляху – 2018»

Оцените материал
(12 голосов)

Рэзалюцыя «Чарнобыльскага шляху – 2018», зацверджаная 26 красавіка ўдзельнікамі мітынгу  ў Мінску.

Поўны тэкст дакумента.


Мы, удзельнікі  Чарнобыльскага шляху – 2018, у тым ліку ліквідатары аварыі на ЧАЭС, прадстаўнікі палітычных партый і недзяржаўных арганізацый, жыхары Беларусі, якія сабраліся 26 красавіка на штогадовай акцыі памяці ахвяр маштабнай радыяцыйнай катастрофы мінулага стагоддзя,

 

улічваючы:

-          немагчымасць  поўнага аднаўлення забруджаных чарнобыльскіх тэрыторый, а таксама той факт, што чарнобыльскія радыёнукліды і іх вытворныя будуць заставацца небяспечнымі для чалавека яшчэ многія дзесяцігоддзі і нават тысячагоддзі;

-          адсутнасць тэхналогій пераадолення наступстваў маштабных радыяцыйных катастроф;

-          факт пражывання больш мільёна чалавек на тэрыторыях Беларусі, якія забруджаны Чарнобылем;

-          факт адсутнасці ў насельніцтва, якое жыве на забруджаных землях, доступу да бяспечнай вады, прадуктаў харчавання і энергарэсурсаў, базавых медыцынскіх паслуг;

-          працяг маштабнага гаспадарчага засваення забруджаных зямель у Беларусі, у тым ліку скарачэнне тэрыторыі радыяцыйнага запаведніка, што прыводзіць да павелічэння доз унутранага апраменьвання насельніцтва;

-          прысутнасць радыёнуклідаў у прадуктах харчавання, якія вырабляюцца ў Беларусі, небяспечных для здароўя людзей, нягледзячы на малыя дозы;

-          высокую ступень гатоўнасці Астравецкай АЭС, якая нясе новую радыяцыйную пагрозу для людзей і прыроды – у наступным годзе ўлады плануюць загрузку паліва ў першы энергаблок;

-          факт таго, што будаўніцтва Астравецкай АЭС было распачатае без праекта, без згоды грамадзян, з парушэннямі канвенцый ЕЭК ААН Орхускай і Эспа, па новай тэхналогіі, якая недастаткова апрабаваная, на геалагічна неспрыяльнай пляцоўцы, са шматлікімі парушэннямі тэхнічных норм і заканадаўства;

-          шматлікія і сур’ёзныя здарэнні на будаўніцтве Астравецкай АЭС – корпус рэактару першага энергаблока пашкоджаны пры транспарціроўцы і затым усталяваны, што значна павышае рызыкі аварый;

-          эканамічную немэтазгоднасць Астравецкай АЭС; кожны беларус ужо вінен суседняй Расіі за будаўніцтва каля 1000 даляраў ЗША, і гэта сума будзе павялічвацца, а кіраўніцтва краіны не ведае, як гэтая станцыя будзе інтэгравана ў эканоміку;

-          пагрозы Астравецкай АЭС энергетыцы краіны, паколькі яна ставіць больш за 30% усёй яе электрагенерацыі ў залежнасць ад адной крыніцы і патрабуе перабудовы ўсёй энергасістэмы, адмяняе аднаўляльныя, устойлівыя і больш бяспечныя альтэрнатывы;

-          нявырашанасць праблемы адкідаў Астравецкай АЭС, якія ўтвараюць дадатковыя, доўгатэрміновыя і высокія рызыкі радыяцыйнай нагрузкі на людзей і навакольнае асяроддзе;

-          непрымальнасць Астравецкай АЭС па палітычных прычынах з-за парушэнняў правоў грамадзян, разбурэнняў добрасуседскіх адносін з іншымі краінамі Еўропы, непарыўнай сувязі паміж атамнай энергетыкай і ядзернай зброяй.  

прымаючы пад увагу адсутнасць дыялогу ўладаў Беларусі з грамадзянамі і палітычнымі апанентамі, масавыя палітычныя рэпрэсіі для падаўлення грамадзянскай актыўнасці і абмежаванні свабоды слова,  зацікаўленасць уладаў да экалагічна небяспечных  праектаў, што прыводзіць да з’яўлення новых экалагічных праблем, як у Брэсце, Светлагорску і іншых месцах;

звяртаемся да беларускіх уладаў з патрабаваннем:

-          неадкладна спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі; адмовіцца ад ідэі будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Астравецкай пляцоўцы па расійскім праекце АЭС-2006; правесці кансультацыі аб мэтазгоднасці працягу мараторыя на будаўніцтва АЭС, якая не адпавядае інтарэсам краіны, у Беларусі; распрацаваць і абмеркаваць з грамадскасцю стратэгію ўстойлівага бяз’ядзернага  развіцця Беларусі;

-          спыніць асваенне чарнобыльскіх зямель і вытворчасць там прадуктаў харчавання; забяспечыць жыхарам забруджаных тэрыторый рэальныя альтэрнатывы перасялення;

-          аднавіць дзеянне закона “Аб сацыяльнай абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС”, які быў прыняты ў 1991 годзе і забяспечвае лепшую абарону ліквідатараў і пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС;

-          спыніць эскалацыю сацыяльнай і палітычнай напружанасці ў краіне, спыніўшы палітычныя рэпрэсіі, стварыўшы пляцоўкі для рэальнага, раўнапраўнага і сумленнага дыялогу з грамадскасцю, а таксама дзейсныя механізмы для ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў;

-          забяспечыць свабоду слова, сходаў, стварэння грамадскіх арганізацый і палітычных партый, забяспечыць правядзенне свабодных і празрыстых выбараў.

Да ўводу ў дзеянне Астравецкай АЭС засталося не так шмат часу - каля года! Яна прынясе беларусам новыя беды, а міжнароднай супольнасці - новыя пагрозы. Мы павінны спыніць яго, пакуль не позна.

Мы заклікаем нашых суайчыннікаў:

-          узмацніць  ціск на ўлады для выканання нашых патрабаванняў, у першую чаргу спынення небяспечнага будаўніцтва Беларускай АЭС,

-          прыйсці на Астравецкі шлях, які пачнецца пасля Чарнобыльскага і будзе праходзіць кожны 26-ы дзень месяца ў гарадах Беларусі на шляху ад Мінска да Астраўца - у Заслаўі, Радашковічах, Маладзечна, Вілейцы, Смаргоні, Ашмянах, Астраўцы.

Не Астравецкай АЭС!

Не радыяцыйнаму, сацыяльнаму і палітычнаму Чарнобылю!

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.