ОГП

Switch to desktop Login



Зінаіда Бандарэнка: Савецкасці ў нас яшчэ на пару пакаленняў

Оцените материал
(1 Голосовать)

Народная артыстка Беларусі і сябра Нацкаму АГП Зінаіда Бандарэнка разважае пра сённяшні стан нашага грамадства.

У размове са Службай інфармацыі "ЕўраБеларусі" славутая дыктарка і тэлезорка падкрэсліла, што аптымізм усё ж пераважвае ў яе настроях што да будучыні беларусаў. А негатыў - калі-небудзь ён мусіць сыйсці.

Пра апатычнасць ды млявасць беларусаў

- Што да нейкіх такіх рысаў, то я б не сказала, што яны ўласцівы менавіта і толькі беларусам. Ды ўсе людзі падобныя, тыя ж украінцы, расіяне... Хаця ўкраінцы, я б сказала, больш такія не тое, што смелыя, але хіба нахабныя ў добрым сэнсе гэтага слова. Гадоў сем таму мне прыйшлося быць у Кіеве па справах нашага недзяржаўнага фонду "Дзіцячы дыябет". Рушылі цеплаходам па Дняпры, дзесьці выходзілі, сустракаліся з жыхарамі мясцовымі, у тым ліку і даволі аддаленых раёнаў. І ўсе пра гэта гаварылі: "Ну чаго вы так трываеце, чаго вы так церпіце? У нас такога не будзе!" Але ж, тым не менш, нешта там у іх зрушыцца - а потым ізноў вяртаецца на тое ж. Таму я не магу сказаць, што такія мы ўжо беларусы прыніжаныя ды такія рахманыя, што не можам адстоіць сябе. Гэта - да пары. І зараз я ўсё часцей чую больш смялейшыя меркаванні кшталту: "Ну колькі ж можна цярпець!" "Трываю, але скора загукаю: "Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!", - як пісаў наш вялікі Якуб Колас. Ды ўзгадайце паводзіны беларусаў у апошняй вайне. Усё ж такі праявілі сябе, адстойвалі сябе, нягледзячы на ўсё. Значыцца, ёсць у нас гэта ў крыві. Значыцца, гістарычна закладзеныя і смеласць, і жаданне бараніць сваё.

За што сорамна

- Але ўлада паводзіць сябе так ужо нахабна і карыстаецца гэтым. Кожны дзень, калі ўключаеш тэлевізар і слухаеш, што гаворыць наш начальнік, то проста сорамна. Сорамна за нашу нацыю, сорамна за такую прыгожую краіну. Дваццаць гадоў... Сапраўды мы б маглі мець сапраўдную незалежнасць за гэты час. Але, па сутнасці, мы ж і зараз гэтай незалежнасці не маем, калі разабрацца, калі ў глыбіню ўлезці.

Чаму не атрымалася

- Я ўспамінаю і тыя ж самыя шматлюдныя мітынгі, але ж я ўспамінаю і такі выступ няўдалы спадара Кебіча, з нейкай проста агідай да людзей, якія стаялі на плошчы... І ў той час, на жаль, не знайшлося лідара, які б змог перакрыць выступ Кебіча. Вось мы стаялі ўнізе, слухалі з такім узрушэннем і, як бы гэта сказаць, іранізавалі грэбліва: "І нехта хоча яго на прэзідэнта? Ды які ён там прэзідэнт...". Але і не было чалавека тады, які б умела падыйшоў да людзей. Канешне, у той час на гэта прэтэндаваў Зянон Пазьняк, але, можа, яму трэ' было больш асцярожным быць? Я вельмі люблю і паважаю гэтага чалавека, лічу яго нашым сумленнем. Гэта асоба магла б павесці за сабою, але ўсё ж такі з нашым народам, мяркую, трэба было хіба больш танчэй ці больш з паразуменнем ставіцца. І ўсё наша гістарычнае, вось такое цяжкае жыццё трэба было пралічыць. Таму што з той жа самай беларускай мовай было вельмі, я б сказала, кандова пастаўлена пытанне. Вось толькі беларуская мова - і ўсё! Я сама вельмі доўга ішла да гэтага, вельмі доўга, не адразу прыняла...

Пра Саветы

- Менавіта сістэма савецкая ўсіх беларусаў і зрабіла такімі, якія ёсць, з тымі вышэйзгаданымі хібамі. Мы былі адданыя піянеры, гэта цяпер мы смяемся з Паўліка Марозава ды іншых, але ж тады мы выхоўваліся на гэтым. І гэта сістэма і прывяла нас да такога стану, які вельмі цяжка скінуць з сябе. Таму і лідэр прыйшоў да нас такі, апантаны сваім неразуменнем, са сваім хамскім стаўленнем не толькі да свайго народу, але і да свайго атачэння, ад якога, дарэчы, шмат што залежыць. А яны ўжо прыходзяць да таго, што цярпення не хапае...

Што рабіць

- Трэба ж вучыцца, чалавек павінен усё жыццё вучыцца, павінен упітваць карыснае для сябе і павінен быць гнуткай, вельмі гнуткай асобай, каб усё ўхапіць. Ды проста трэба чытаць нам. А то жывем так: сказалі па 100 даляраў плаціць за выезд плаціць - і беларус пойдзе плаціць, потым паедзе за мяжу, купіць на 200 даляраў і будзе шчаслівы... Ну што ж гэта такое? Проста здзек.

Я мела дачыненне да агучкі "Споведзі", кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш, - і ад той шмат чаго ўзяла, узяла ўжо цяпер для сябе. Лічу, гэтая кніга павінна быць настольнай для кожнага беларуса. Каб вярнуцца ў тыя гады і ўбачыць, што рабіла сістэма тады - яна тое ж самае робіць і цяпер з намі. Савецкасць сядзіць у нас - і, пэўна, зменіцца і наша пакаленне, і яшчэ адно, і толькі, можа, унукі пазбавяцца гэтай спадчыны. Але шкада, што гісторыя ў нас зараз так перакручваецца, перакрэсліваецца, заблытваецца... Але трэба разбірацца, трэба шукаць гэтую Ісціну, трэба звяртацца да Госпада Бога нашага, трэба чытаць Біблію, вялікую кнігу, што вучыць быць чалавекам.