ОГП



Еўрасаюз заклікае вызваліць затрыманых у Беларусі журналістаў

Оцените материал
(8 голосов)

Еўрасаюз заклікае вызваліць затрыманых у Беларусі журналістаў.


З такой заявай выступіла прадстаўнік ЕС па замежных справах і агульнай палітыцы бяспекі — намеснік старшыні Еўракамісіі Федэрыка Магерыні. Яна адзначыла, што Еўрасаюз праінфармаваны пра вобыскі і арышты журналістаў, якія адбыліся 7—8 жніўня ў незалежных сродках масавай інфармацыі Беларусі. "Гэтыя дзеянні супярэчаць палітыцы дэмакратызацыі, дэклараванай Беларуссю, а таксама яе міжнародным абавязацельствам. Фундаментальныя правы і свабоды, уключаючы свабоду выказванняў і СМІ, павінны выконвацца", — падкрэсліла Магерыні.


Еўрасаюз, паводле яе слоў, прыхільнік таго, каб Беларусь "была стабільнай, дэмакратычнай і шчаснай" дзяржавай, якая дзейнічае "на карысць народа" і працягаве ўзаемадзейнічаць з усімі краінамі свету. "У гэтай сувязі ЕС лічыць важным працягнуць падтрымку незалежных СМІ. Таксама Еўрасаюз працягне пільна назіраць за сітуацыяй у Беларусі, у тым ліку праз сваё прадстаўніцтва ў Мінску", — заявіла Магерыні.

Арышты, вобыскі і допыты журналістаў праводзяцца ў Беларусі ўжо другі дзень запар у межах распачатай Следчым камітэтам справы на падставе ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды).

Вобыск у рэдакцыі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН 7 жніўня на працягу больш як сямі гадзін праводзілі каля паўтара дзясятка супрацоўнікаў Следчага камітэта і МУС. Канфіскавана шэсць цвёрдых дыскаў з камп'ютараў журналістаў і выпускаючых рэдактараў.

Паралельна вобыск праводзіўся ў рэдакцыі найбуйнейшага беларускага недзяржаўнага інтэрнэт-партала tut.by, а таксама ў некаторых яго супрацоўнікаў. Былі затрыманыя галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, рэдактары партала Ульяна Бабаед, Ганна Калтыгіна, Дзмітрый Бобрык, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак і былая супрацоўніца tut.by Яўгенія Беразюк. Пазней Бабаед, Бобрыка і Беразюк адпусцілі.

На допыты ў СК дастаўляліся прысутныя пры ператрусах дзяжурны рэдактар БелаПАН Андрэй Серада і генеральны дырэктар tut.by Людміла Чэкіна. Абодвух затым таксама адпусцілі.

Раніцай 8 жніўня ў офісе tut.by працягнуўся вобшук. На 16.30 на допыт выкліканы заснавальнік партала Юрый Зісер.

Акрамя таго, сёння раніцай следчыя прыйшлі ў кватэру журналістаў Паўла і Вольгі Быкоўскіх. Павел Быкоўскі затрыманы.