ОГП



«Рэпарцёры без межаў»: Улады Беларусі ўзмацнілі кантроль медыяпрасторы

Оцените материал
(8 голосов)

Міжнародная арганізацыя асудзіла ператрусы ў журналістаў.

 

Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» асудзіла ператрусы, праведзеныя 7 жніўня супрацоўнікамі Следчага камітэта ў офісах «вядучых незалежных СМІ» ў Менску - інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і партала tut.by, што «спаралізавала іх працу на некалькі гадзін», паведамляе tut.by.

«Гэтыя ператрусы, якія ставяць пад пагрозу прыватнасць крыніц інфармацыі для журналістаў, неадпаведныя абвінавачванням, - заявіў кіраўнік аддзела арганізацыі Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Ёхан Бір. - Гэта нельга разглядаць інакш як спробу запалохвання вядучых незалежных СМІ ў перыяд узмацнення пераследу крытычна настроеных журналістаў».

Бір заклікаў беларускія ўлады даць журналістам магчымасць працаваць свабодна.

«Рэпарцёры без межаў» адзначаюць, што пасля вясновых пратэстаў 2017 года, калі насельніцтва выступіла супраць «дэкрэта аб дармаедах», улады краіны ўзмацнілі кантроль медыяпрасторы. У рэйтынгу свабоды СМІ, які штогод складае арганізацыя, Беларусь займае 155-е месца сярод 180 дзяржаў.

Раніцай 7 жніўня СК распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што «паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа паводле ч 2 арт 349 Крымінальнага кодэкса (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, зладжаны з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)». Падставай паслужыла «паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БелТА» аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія выконваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў». Паводле паведамлення СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС «выяўлены шматлікія факты неправамернага доступу да кампутарнай інфармацыі, уласнікам якой з'яўляецца «БелТА».

«У выніку ўчыненага злачынства РУП «БелТА» прычыненая істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалодванні і выкарыстанні абароненай ад старонняга доступу інфармацыі, а таксама падрыве бізнэс рэпутацыі прадпрыемства. Да названай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома «Беларуская навука», ЗАТ «БелаПАН», ТАА «Тутбаі Медыя», - паведаміў Следчы камітэт.

У рэдакцыях прайшлі шматгадзінныя ператрусы. У БелаПАН канфіскавана шэсць сістэмных блокаў кампутараў. Былі затрыманыя палітычная аглядальніца інфармацыйнай кампаніі Таццяна Каравянкова (знаходзілася ў адпачынку ў Гарадзенскай вобласці), галоўная рэдактарка tut.by Марына Золатава, рэдактары партала Ульяна Бабаед, Ганна Калтыгіна, Дзмітрый Бобрык, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак і былая супрацоўніца tut.by Яўгенія Беразюк. Пасля, паводле інфармацыі Юрыя Зісера, Бабаед, Бобрык і Беразюк адпусцілі.

Афіцыйны прадстаўнік генеральнага сакратара Рады Еўропы заявіў, што інфармацыя пра ператрусы і арышты ў шэрагу найбольш вядомых беларускіх СМІ выклікае глыбокую ўстурбаванасць. «Некаторыя з закранутых СМІ з'яўляюцца нашымі даўнімі партнёрамі, супрацоўнікі якіх вядомыя як прафесіяналы высокага ўзроўню. Заканадаўства выконваць трэба, але расследаванні не заўсёды патрабуюць арыштаў, да якіх варта ўжываць у якасці апошняга сродку», - падкрэсліваецца ў заяве.

У сваю чаргу беларускі МЗС параіў не шукаць «нейкай іншай падаплёкі або «падводных камянёў» - сітуацыя ніякім чынам не ляжыць у палітычнай плоскасці і не мае ніякага дачынення да пытанняў свабоды СМІ альбо журналісцкай дзейнасці ў Беларусі».