ОГП

Switch to desktop Login



Сасноў: Расейцы перастануць любіць беларусаў, калі Беларусь пойдзе на Захад

Оцените материал
(0 голосов)

Пераважная большасьць расейцаў па-ранейшаму ставіцца да Беларусі добра альбо вельмі добра.

Пра гэта гаворыцца ў чарговым, верасьнёўскім дасьледаваньні расейскага «Лявада-Цэнтру».

Чаму, нягледзячы на шматлікія канфлікты паміж беларускім і расейскім кіраўніцтвам, пазытыўнае стаўленьне расейцаў да беларусаў гадамі істотна не мяняецца? Як бы ставіліся расейцы да беларусаў, калі б кіраўніцтва Беларусі абвясьціла пра палітычную арыентацыю на Эўропу?

На гэтыя пытаньні адказвае сацыёляг Аляксандар Сасноў.

— Чым бы вы патлумачылі той фэномэн, што, нягледзячы на розныя палітычныя зьмены, на газавыя, калійныя ды іншыя войны — стаўленьне жыхароў Расеі да беларусаў застаецца стабільна пазытыўным?

— Беларусь у інфармацыйнай прасторы Расеі займае вельмі нязначную частку. Масавы расеец пра яе вельмі рэдка згадвае, думае на гэтыя тэмы. Збольшага нейкае сваё ўласнае стаўленьне да Беларусі маюць тыя расейцы, побач зь якімі жывуць ці працуюць беларусы ці людзі беларускага паходжаньня. Зь імі ў вялікай ступені і атаясамліваецца Беларусь. Адсюль і стабільнасьць.

Гэта нам адсюль здаецца, што ў адносінах Беларусі з Расеяй шмат чаго адбываецца, і гэта нібыта хвалюе ўсіх расейцаў. Але ў самой Расеі ўвага да гэтай тэмы значна больш сьціплая.

— Ці можна пазытыўнае стаўленьне да Беларусі тлумачыць добрым стаўленьнем да беларусаў як народу, або расейцы найперш станоўча ўспрымаюць кіраўніцтва Беларусі і ягоную палітыку?

— І тое, і тое. Большасьць, маючы нейкія адносіны зь беларусамі, пераносяць гэтае добрае стаўленьне да іх і на ўсю краіну. Хтосьці бываў у Беларусі раней і за апошні час.

А значная частка расейцаў — гэта людзі левых, аўтарытарных поглядаў, якім падабаецца стыль кіраўніка Беларусі. Яны бачаць, як кагосьці тут «нагібаюць», і думаюць, што так і трэба.

— Афіцыйнае кіраўніцтва Беларусі праводзіць самую прарасейскую палітыку сярод усіх краінаў былога СССР, уваходзіць з Расеяй у розныя зьвязы. Калі б Беларусь (няважна, зь якім прэзыдэнтам) абвясьціла б палітычны курс на Захад — тады б стаўленьне да беларусаў з боку расейцаў зьмянілася?

— Вядома, зьмянілася б, істотна пагоршылася б. Большасьць расейцаў не разумеюць сутнасьці такога стаўленьня беларускага кіраўніцтва да Расеі. Яны думаюць, што ў Лукашэнкі такая любоў да Расеі. І не разумеюць, што гэта проста такі палітычны мэтад, каб атрымліваць ад Масквы розныя даброты.